?

Log in

No account? Create an account
  Journal   Friends   Calendar   User Info   Memories
 

юля's Journal

16th October, 2006. 2:23 pm. было амаль 8 год таму...

На белым кавалку паперы праяўляюцца дзьве палоскі. Кожная жанчына ўбачыўшы гэтыя палоскі, адчувае нешта сваё. Я адчувала, як кавалак лёду пад рэбрамі вымарожвае мае вантробы і перашкаджае сэрцу працаваць. Холад у пальцах, холад ад шыі і ўніз па спіне... хвалямі...
А мозг ліхаманкава вылічвае тэрміны, прабудоўвае верагоднасныя шляхі. Шукае выйсьця і не знаходзіць яго. Адчайна перабірае варыянты, стварае новыя, адкідае іх...
Потым я, здаецца, ўзгадала, што трэба дыхаць.
Цяміла заўжды хутка, і чым мне пагражаюць гэтыя палоскі, зразумела імгненна. Свабода і незалежнасьць, дарогі, пляны ня болей, як на пару дзён, харчаваньне “праз раз” - мне жа гэта ўсё падабалася. Я сьмяялася, калі сканчаліся грошы – буду худзенькая і прыгожая! Спазьненье ў інтэрнат – прыгода, дзе сёньня заначую? Мне толькі нядаўна стала 18 і наперадзе было столькі цікавага...
А палоскі вось яны, перад вачыма. Палоскі распавядаюць, што ўжо тыдні два ўнутры мяне жыве чалавек. Агіда да ежы апошнія пару дзён не атручваньне, а таксікоз. Няпрыязь да таго, хто таксама глядзеў на палоскі і чакаў маёй рэакцыі – не таксікоз, бо яна ўжо даўно ўва мне змагаецца з павагаю.
- Я клей зварыла, ёсьць што клеіць та?
- Есьць. Толькі з койданаўцамі трэба падзяліцца. Я кахаю цябе...
-А я цябе не. Абыйдуцца, хай самі друкуюць. У колькі збіраемся?
Я хацела дзяцей. Але ня думала, што ў 18 год, на першым курсе (вучылася платна), ня маючы ніякага грамадзянства, дажываючы апошнія тыдні ў інтэрнаце, адкуль цэлы паверх высялялі ў нікуды, буду глядзець на гэтыя палоскі.
Схлушу, калі скажу, што зусім ня думала пра аборт. На некалькі імгненьняў такія думкі зьявіліся. Нават паспрабавала сабе схлусіць, што калі я забью зараз гэтага дзіценка, то ўсе будзе як раней, а потым, калі буду гатовая, то нараджу яго. І адразу зразумела, што хлушу. Ніколі ня будзе як раней. Я не павінна забіраць тое, чаго не давала. Ня мною створанае гэтае жыцьцё. Я нават ня ведала, што яно існуе, пакуль ня ўбачыла палоскі.
І я не забрала яго.
А гэтая істота, якая харчавалася маёй крывёю, цягнула кальцый з косткаў, падаравала шнар упоперак жывата і сапсавала форму грудзёў, дапамагла перамагчы майго жудаснага дзіцячага цмоха – страх адзіноты.
- Мам, як канцэрт учорашні прайшоў?
-Здорава прайшоў, мне спадабалася!
-А Маргарытка плакала.
-Ведаю, яна зь Юркам пасварылася.
-Зразумела... Бывае...
Я шчасьлівая, што магу ўдзельнічаць у жыцьці гэтага чалавека. Мне прыемна, калі ён прыслухоўваецца да маіх парадаў. Я захапляюся, калі ён кажа: “Не, я ня буду гэтага рабіць. Таму што...”. Мне сьмешна, калі ён, страшэнна фальшывячы, сьпявае: “Мама любіць тату, тата любіць маму, мяне ніхто ня любіць – стану хуліганам!”

Доўга думала, ці даваць гэты тэкст у этэр. Яшчэ больш думала, ці ставіць сюды замок...

Read 31 Notes -Make Notes

Back A Day - Forward A Day